top of page

Творчыя праекты як частка пазаўрочнай дзейнасці па вучэбных прадметах “Беларуская мова”, “Беларуская літаратура”

Рэгіна Генадзьеўна Чашун,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры,

ДУА “Ждановіцкая сярэдняя школа”

Мінскага раёна

Вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя.

Педагагічны стаж – 30 гадоў.

Творчы праект – асаблівая філасофія мэты, дзейнасці, вынікаў і дасягненняў

Джордж Дьюі

   Медыякультура, развіццё інфармацыйных тэхналогій, выклікі сучаснага грамадства, безумоўна, аказваюць значны ўплыў і на развіццё сучаснай беларускай літаратуры і мовы. Грамадства актыўна шукае новыя формы прадстаўлення мастацкіх твораў, заахвочвання да вывучэння мовы, да чытання. Пошук новых форм прадстаўлення літаратурных твораў і вывучэння беларускай мовы – важны складнік дзейнасці і настаўніка беларускай мовы і літаратуры. Сучасныя вучні актыўна ўключаюцца ў творчую дзейнасць, калі могуць выразіць свае пачуцці, паказаць свае ўменні, праявіць свае веды з дапамогай сучасных тэхналогій. Папулярнасцю карыстаюцца ў сучаснай школе стэнды дапоўненай рэальнасці, віртуальныя экскурсіі, агучванне мультфільмаў, фільмаў па-беларуску, стварэнне ўласных відэаролікаў, буктрэйлераў, альманахі твораў вучняў, віртуальныя выставы, відэарэклама. Творчыя праекты даюць магчымасць вучням рэалізаваць свае здольнасці сёння, не чакаць, калі з’явіцца магчымасць праявіць сябе, і адначасова ўбачыць вынік сваёй працы, стварыць рэальны прадукт.

  Агучванне мультфільмаў па-беларуску. Творчы праект па агучванні мультфільмаў па-беларуску дае магчымасць раскрыць рознабаковыя здольнасці вучняў. Калектыўны выбар мультфільма для рэалізацыі праекта спрыяе развіццю мастацкага густу ўдзельнікаў. У нашай школе склалася традыцыя перакладаць мультсерыял “Смяшарыкі”.  Выбіраем серыі, якія прымушаюць задумацца над сваімі паводзінамі, паразважаць над пэўнымі праявамі жыцця (“Жахліўчык для Нюшы”, “Ледзяныя скульптуры” і інш.) Дадзены мультсерыял карыстаецца папулярнасцю сярод дзяцей і дарослых, ён сучасны, лёгка ўспрымаецца. Для настаўніка з’яўляецца важным і той факт, што дадзены творчы праект дазваляе аб’яднаць вучняў рознага ўзросту: пераклад і агучванне могуць здзейсніць і пяцікласнікі, а вось мантаж здольны ажыццявіць толькі старшакласнікі. Мэтазгодна выдзеліць наступныя этапы праекта: арганізацыйна-матывацыйны этап (выбар мультфільма, размеркаванне ролей), запіс тэксту на рускай мове, пераклад тэксту на беларускую мову, рэдагаванне тэксту, агучванне мультфільма, мантаж, карэкціраванне,  прагляд мультфільма, рэфлексія. Адпаведна будуць размеркаваны і ролі для вучняў: стэнаграфісты, перакладчыкі, рэдактары, карэктары, акцёры, гукарэжысёры, спецыялісты па тэхнічным афармленні.

  Пераклад мультфільмаў з рускай мовы на беларускую садзейнічае развіццю вуснага маўлення вучняў, узбагачэнню слоўнікавага запасу, спрыяе развіццю цікавасці да беларускай мовы і культуры. Прапаную для назірання такі фрагмент тэксту: “И наконец –  о погоде. Сегодня столбик термометра достиг рекордно низкой отметки: минус сорок один градус мороза. Старожилы не припомнят таких морозов. Не повезло сегодня тому, у кого под рукой не окажется горячего чая. А теперь прослушаем «Лунную сонату» Бетховена.//

–  Холодища-то какая! И куда только нас несёт в такой мороз? Может, там и неинтересно будет…

–  Ну уж, если Лосяш сказал, что там интересно будет, то, наверно, интересно и будет…” (Мультфільм “Смяшарыкі” серыя “Ледзяныя скульптуры”)

   Па-першае, цікавасць можа выклікаць нават праца над перакладам назвы мультфільма “Смяшарыкі”, неабходна паразважаць, ці апраўданы пераклад, напрыклад, смяхоцікі, смяшурыкі, смякулікі (куля – шар) і інш. Таксама спрэчкі можа выклікаць пераклад такіх слоў і канструкцый: “Лунная соната” (можна: саната № 14), старажылы, горячего чая (як лепш сказаць: чай ці гарбата?), холодища-то какая (варта звярнуць увагу на ўжыванне суфіксаў у беларускай і рускай мовах). Пры такім падыходзе работа над праектам, зразумела, зацягваецца на некалькі месяцаў, але плён такой працы апраўдае намаганні, паколькі творчы прадукт будзе прыносіць задавальненне не толькі яго ўдзельнікам. Да таго ж адбываецца нязмушанае замацаванне ведаў, набытых на занятках па беларускай мове.

   Вельмі важна для вучняў, каб атрыманы ў выніку праекта прадукт меў практычнае прымяненне, каб яго можна было выкарыстаць на занятках, паказаць іншым вучням ці бацькам. Таксама сучасныя падлеткі любяць ствараць відэаролікі, весці блогі. Яны з’яўляюцца неад’емнай часткай сучаснай медыяпрасторы. У гэтым кантэксце цікавым стаў праект па стварэнні відэаролікаў пад агульнай назвай “Беларускія стравы”. Пры вывучэнні такіх твораў як “Новая зямля” Якуба Коласа, “Родныя дзеці” Ніла Гілевіча, “Энеіда навыварат” узнікае праблема, як растлумачыць вучням, што такое мачанка, верашчака, зацірка, бабка, жур і інш. Відэаролік, у якім расказваецца, як прыгатаваць тую ці іншую страву і дэманструецца сам працэс прыгатавання (не больш за тры (дзве, адну) хвіліны), зняты вучнямі самастойна, з’яўляецца цудоўным ілюстрацыйным матэрыялам да вучэбных заняткаў. Адначасова вучні пачынаюць цікавіцца не толькі рэцэптам дадзенай стравы, але шукаюць інфармацыю аб гісторыі стравы, цікавыя факты для свайго відэароліка. Праца над такім праектам ажыццяўляецца ў межах наступных груп: даследчыкі, сцэнарысты,  рэдактары, рэжысёры, аператары, акцёры, спецыялісты па тэхнічным афармленні. Спасылка на відэаролікі:https://drive.google.com/drive/folders/1Hfjm45rQ-FIOBfIgtBXoaljA0DGJc24M?usp=sharing

  Жыццё сучаснага чалавека ў многіх сваіх праявах падпарадкавана рэкламе. Прапаную і вучням стварыць рэкламны прадукт. Праўда, аб’ектам для рэкламы становяцца кнігі беларускіх аўтараў, часопісы “Бярозка”, “Вясёлка” і інш. Творчы праект дазваляе вырашыць некалькі задач. Па-першае, неабходна выбраць аб’ект для рэкламы – вучні вымушаны перачытаць некалькі нумараў часопіса або мастацкі твор. Па-другое, каб напісаць сцэнарый, трэба праявіць літаратурныя здольнасці: прадумаць сюжэт, кампазіцыю, падабраць лексічнае афармленне, захаваць пэўны стыль маўлення. Не варта забываць і пра тое, што калектыўнае абмеркаванне дапамагае выхоўваць павагу да іншых вучняў, уменню адстойваць свае погляды, прымушае знаходзіць рашэнне, якое будзе найбольш прымальным для дадзенага творчага прадукта. Такім чынам, пры стварэнні рэкламных відэаролікаў могуць быць арганізаваны наступныя групы: сцэнарысты, рэдактары, рэжысёры, акцёры, афарміцелі (мастакі-дызайнеры), гукарэжысёры, спецыялісты па тэхнічным афармленні. Настаўнік выступае ў ролі каардынатара (кансультанта).

   Наша школа вельмі плённа супрацоўнічае са Ждановіцкай сельскай бібліятэкай і ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”. Сустрэчы з беларускімі паэтамі і пісьменнікамі сталі трывалай традыцыяй. Але большую цікавасць вучні праяўляюць да такіх сустрэч, калі могуць нейкім чынам праявіць і свае здольнасці. Падчас сустрэч у нас звычайна працуюць карэспандэнты і фатографы, якія будуць рыхтаваць артыкулы для раённай газеты “Прысталічча”, для школьнай газеты “ЛІМОН” і сайта ўстановы адукацыі. А таксама аператары вядуць відэаздымкі. Калі ўсе матэрыялы падрыхтаваны, рэдактары правяраюць тэксты і адбіраюць разам з групай відэарэжысёраў фрагменты відэа, якія будуць выкарыстаны для дэманстрацыі ў фармаце дапоўненай рэальнасці. Кожны вучань можа не проста прачытаць на стэндзе інфармацыю пра сустрэчу, але і паглядзець відэафрагмент, выкарыстаўшы R-сканер ці сканер QR-кодаў (напрыклад, як госць чытае свой верш або расказвае цікавую гісторыю) і такім чынам “папрысутнічаць” на мерапрыемстве. Вельмі важна, што прадукт такога міні-праекта мае прыкладное значэнне для аднакласнікаў і вучняў усёй школы.

   Прадукт, створаны вучнямі ў выніку творчай дзейнасці можа быць не толькі віртуальным. Варта зацікавіць сучаснага падлетка і кніжным варыянтам. Альманахі, зборнікі вершаў, сачыненняў, эсэ – цудоўная аснова для творчага праекта. Такі прадукт дае настаўніку магчымасць паказаць, што вельмі прыемна трымаць у руках вынікі сваёй працы, не толькі .. Настаўнік, як заўсёды, выступае ў ролі каардынатара (кансультанта), ствараюцца групы: паэты (аўтары, пісьменнікі, літаратары і інш.), рэцэнзенты, карэктары, мастакі-афарміцелі, спецыялісты па тэхнічным афармленні. Безумоўна, дадзены падзел на групы даволі ўмоўны, паколькі ён будзе залежаць ад зместу дадзенага зборніка. Калі вучні пажадаюць выпусціць кнігу пра сваю родную вёску ці горад (напрыклад, “Ждановічы: мінулае і сучаснасць”) – адна з груп будзе займацца даследаваннем (даследчыкі або гісторыкі), другая – ствараць уласныя тэксты (вершы, замалёўкі і інш., прысвечаныя роднай вёсцы), магчыма, спатрэбіцца група, якая будзе сканіраваць фотаздымкі, апрацоўваць архіўныя матэрыялы, каб падаць іх копіі ў зборніку. Падлеткі вельмі любяць выдаваць зборнікі сваіх вершаў, казак, апавяданняў, замалёвак. Зразумела, што асноўная частка работы настаўніка будзе накіравана на якасную падрыхтоўку тэкстаў. Звычайна такія зборнікі выдаюць, калі ў школе працуе літаратурна-творчае аб’яднанне. Вельмі важна творчасць юных паэтаў афішыраваць, папулярызаваць. Падлеткам важна, каб іх здольнасці заўважылі не толькі настаўнікі, але і аднакласнікі. Да таго ж такія зборнікі могуць мець і электронны варыянт, які зноў жа можна змясціць у фармаце дапоўненай рэальнасці на школьным сайце або на стэндзе ў кабінеце беларускай мовы і літаратуры, падаўшы кароткую анатацыю з выявай вокладкі на стэндзе. 

   Творчыя праекты даюць магчымасць настаўніку зацікавіць вучняў, часта нават змяніць адносіны да свайго вучэбнага прадмета. Праект – гэта заўсёды каманднае ўзаемадзеянне, што дазваляе фарміраваць навыкі супрацоўніцтва, узаемапаразумення, умення знаходзіць кампраміснае рашэнне.

  Творчыя праекты цікавыя сучасным вучням яшчэ і тым, што  даюць магчымасць праявіць свае здольнасці, раскрыцца ў тым, што мае для вучня важнае значэнне (умее маляваць, любіць манціраваць відэа, не разлучаецца з фотаапаратам (смартфонам), любіць правяраць  (і мы прапануем яму стаць карэктарам на некаторы час). Важна, што любімы від дзейнасці будзе спалучацца з далучэннем да беларускага слова, літаратуры, культуры, гісторыі. Вопыт сведчыць, што вучні, якія занятыя ў пазаўрочны час, па-іншаму ставяцца і да тых прадметаў, якія выкладае настаўнік. Пазаўрочная дзейнасць, безумоўна , збліжае, дапамагае раскрыцца, стварыць эмацыйную сімпатыю.

   Для настаўніка творчыя праекты не толькі частка пазаўрочнай работы, але і магчымасць зацікавіць вучэбнымі прадметамі “Беларуская мова”, “Беларуская літаратура”. Сёння вельмі важна выкарыстоўваць сродкі, цікавыя вучням, для таго, каб зацікавіць вучня зместам свайго вучэбнага прадмета.

Квест  «Праз смугу стагоддзяў»​

(прысвечаны народнаму святу Багач)

Падрыхтавалі Манцівода Тамара Аляксееўна, настаўнік гісторыі і мастацтва, вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя,

Камарова Ганна Аляксандраўна, настаўнік матэматыкі і інфарматыкі, вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя

bottom of page